ДЭСТРУ́КЦЫЯ ПАЛІМЕ́РАЎ,
разбурэнне макрамалекул пад уздзеяннем цяпла, кіслароду, святла, іанізуючай радыяцыі, мех. напружання, біял. і інш. знешніх фактараў. Пагаршае ўласцівасці палімераў ці выклікае разбурэнне вырабаў з іх. Для барацьбы з Д.п. распрацаваны метады стабілізацыі палімераў.
Д.п. выклікае звычайна адначасовае ўздзеянне некалькіх знешніх фактараў, напр., пры эксплуатацыі на палімерныя вырабы ўздзейнічаюць святло, кісларод і вільгаць паветра, шматразовыя дынамічныя нагрузкі і інш. Пры Д.п. разрываюцца хім. сувязі ў макрамалекулах, што прыводзіць да памяншэння малекулярнай масы і змянення будовы. Часам дэструкцыя суправаджаецца дэполімерызацыяй (рэакцыя, адваротная полімерызацыі) — паслядоўным адшчапленнем малекул манамера ад макрарадыкала ці інш. актыўнага палімернага цэнтра. Гэты працэс найб. характэрны для палімераў, якія маюць чацвярцічны атам вугляроду ў ланцугу (напр., поліметылметакрылат). Д.п. адна з прычын старэння палімераў. Д.п. выкарыстоўваюць для палягчэння перапрацоўкі (напр., пластыкацыя каўчуку — шматразовая дэфармацыя на вальцах), выкарыстання (напр., для зніжэння вязкасці эфірацэлюлозных лакаў і эмалей праводзяць дэструкцыю цэлюлозы), а таксама высвятлення хім. будовы палімераў.
М.Р.Пракапчук.
т. 6, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)